Читайте свежие новости, аналитические статьи, экономика, культура, традиции, социальная сфера, спорт, судьбы людей и житейские истории
Фота с сайтаў інтэрнэт-аўкцыёнаў.

З гербам і паравозам. Якія значкі з надпісамі «Лунінец» і «Мікашэвічы» прадаюць на аўкцыёнах

Зазірнулі на тэматычныя сайты.

Значкі — адзін з прадметаў, якія карыстаюцца папулярнасцю ў калекцыянераў. Сёння ёсць сайты для зацікаўленых, дзе на аўкцыён выстаўляюцца значкі рознай тэматыкі. Сярод прапанаваных нас асабліва зацікавілі лоты з надпісамі «Лунінец» і «Мікашэвічы».

Мікашэвічы: на шчыце — кветка і страла

 

значкі
Фота: meshok.net.

Значок з надпісам «Мікашэвічы» мы знайшлі толькі адзін. Ён уяўляе сабой герб горада — варажскі шчыт перасечаны зубчастым дзяленнем. У верхнім блакітным  полі — срэбная  лілеяпадобная кветка, у ніжнім чырвоным полі — срэбная страла наканечнікам направа.

Дзяленне герба, якое прадстаўляе чырвоную зубчастую сцяну, у сімвалічнай форме перадае моц тутэйшых пакладаў граніту і мясцовыя прадпрыемствы, якія складаюць аснову прамысловага комплексу ўсёй Лунінеччыны. А страла сімвалізуе чыгунку, дзякуючы якой Мікашэвічы атрымалі першапачатковы штуршок для развіцця. Срэбная кветка — геральдычная фігура з герба Лунінца.

Лунінец: карона, кветка, птушка, паравоз і… матацыкл

Значкоў з надпісам «Лунінец» знайшлося больш. На адным з іх — таксама герб горада.

У блакітным полі варажскага шчыта размешчаны княжацкая карона, дзве перакрыжаваныя срэбныя стралы і лілеяпадобная кветка. Верхнюю частку займае срэбная карона, якая сімвалізуе прыналежнасць паселішча ў мінулым вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту і яго бліжэйшаму атачэнню. Цэнтральнай фігурай герба з’яўляюцца дзве стралы, пакладзеныя крыжам. Срэбная страла — элемент гістарычнага герба Брэста. На гербе Лунінца стрэлы нясуць падвойную сэнсавую нагрузку: перадаюць адміністрацыйна-тэрытарыяльную прыналежнасць і сімвалізуюць буйны чыгуначны вузел. У ніжняй частцы герба змешчана срэбная кветка, якая ўвасабляе своеасаблівасць прыроды Лунінеччыны.

Лунінец

На другім значку таксама адлстраваная чыгуначная тэматыка. На шчыце ў цэнтры размешчаны паравоз. Пад ім — лічбы 1540. Да пачатку 1990-х менавіта гэтая дата лічылася годам заснавання Лунініца. Як стала вядома пазней, год заснавання Лунінца — 1449. Уверсе, над надпісам «Лунінец» на блакітным фоне размешчаная птушка — лунь. Такі ж значок ёсць і ў іншых колерах. Некалькі год так выглядаў герб Лунінца. Потым яго замянілі на сучасны, а значок застаўся для гісторыі і калекцыянераў.

значкі

Яшчэ мы знайшлі значок, зроблены ў 2010 годзе да значнай спартыўнай падзеі — 25 чэмпіянату Еўропы па мотаболе, які праходзіў у ліпені гэтага года ў Пінску і Лунінцы. Чэмпіянат адбываўся амаль тыдзень, у ім удзельнічала восем краін — Беларусь, Расія, Казахстан, Францыя, Літва, Германія, Галандыя і Украіна. У беларускай камандзе было некалькі лунінчан.

Значкі. Крыху гісторыі

Па словах спецыялістаў, значкі з’явіліся яшчэ ў антычным свеце. Самыя першыя значкі былі знойдзены на стаянках старажытных людзей, якія жылі статкам. Калі людзі пачалі дзяліцца па класах і званнях, узнікла патрэба неяк абазначыць самых важных і ўплывовых — напрыклад, правадыра і шамана. Спачатку іх адзенне ўпрыгожвался скурай нейкай жывёлы. Шаманы насілі пацеркі і бранзалеты. Кіі, абутак, галаўныя ўборы, служылі сімваламі адрозненнія ў старажытных плямёнаў.

З развіццём цывілізацыі развіваліся тэхналогіі. І сістэмы адрознення станавіліся больш складанымі. Напрыклад, у Старажытным Рыме існавала мноства ўзнагарод і знакаў адрознення, якія ўручаліся выбітным людзям. Самай ганаровай узнагародай была фалера. Гэта спецыяльны нагрудны знак — вялікі медальён. У сярэднявечнай Еўропе з’явіўся яшчэ адзін від знакаў адрознення — ордэн.

Фотоаздымкі: meshok.net.

 

Мы в соцсетях