Читайте свежие новости, аналитические статьи, экономика, культура, традиции, социальная сфера, спорт, судьбы людей и житейские истории

Берасцейская літаратурная сябрына: асобы, выданні, альманахі

Ці правінцыйная творчасць у «правінцыі»?

Літаратурная гісторыя Берасцейшчыны налічвае шмат цікавых старонак. Стваральнікі грунтоўнага выдання “Літаратурная карта Берасцейшчыны” (Брэст, 2008) адзначалі, што ў кнізе сабраныя

“каля дзвюх соцень партрэтаў выдатных пісьменнікаў, нарысы літаратурнага жыцця кожнага рэгіёна берасцейскай зямлі, знаёмства з літаратурнымі аб’яднаннямі, расповеды пра літаратурныя мясціны і фотаілюстрацыі гэтых мясцін…”

З рознымі куточкамі берасцейскай зямлі у розны час былі звязаныя старонкі жыцця такіх славутых далёка за межамі Беларусі асоб, як друкар і асветнік Іван Фёдараў, Адам Міцкевіч, Якуб Колас і многія іншыя вядомыя постаці. З Берасцейшчыны родам паэты Алесь Разанаў, Яўгенія Янішчыц, Леанід Дранько-Майсюк і дзясяткі іншых выбітных творцаў.

* * *

Распавядаць пра тое можна шмат, але сёння хочацца спыніцца на крыху больш “вузкім” аспекце літаратурнай гісторыі Берасцейшчыны — на тых асобах, чые біяграфіі і творчасць звязаныя найперш з гэтым палескім краем, хто тут нарадзіўся або пражыў не адно дзесяцігоддзе. І з гэтай нагоды нельга не звярнуцца да нядаўняй (Мінск, 2022) цікавай кнігі “Берасцейская сябрына. Творчыя партрэты літаратараў”.

На вокладцы — партрэт Уладзіміра Калесніка (работы Лявона Валасюка)

Як адзначаецца ў анатацыі да выдання,

“у кнізе-даведніку прадстаўлены літаратурныя партрэты сябраў абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, якое было створана вядомым літаратуразнаўцам і пісьменнікам Уладзімірам Калеснікам і праіснавала з 1981-га па 2021 год. За сорак гадоў існавання творчая суполка дала дарогу ў беларускую літаратуру шасцідзесяці чатыром паэтам і празаікам”.

Як піша адзін са старэйшых берасцейскіх пісьменнікаў Іван Мельнічук,

“у Брэсцкім педагагічным інстытуце у 1960-я гады нам пашчасціла трапіць пад крыло выключна адоранага чалавека, таленавітага педагога, апантанага творчымі ідэямі вучонага-літаратуразнаўцы Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, які стаў для многіх настаўнікам, дарадцам, натхняльнікам, прыкладам у працы і жыцці. Нездарма вобразна называлі яго: “гуртавым і вадаром” — Ніна Мацяш, “плытагонам” — Міхась Рудкоўскі, “лесаводам берасцейскага паэтычнага падлеску” — Аляксей Філатаў”.

Выступае Іван Мельнічук. Брэст, 2011

Далей Іван Мельнічук адзначае:

“Вядома, што крылы дужэюць у палёце. Няўхільна раслі творчыя набыткі маладых, паступова павялічвалася сям’я тых, каго прынялі ў пісьменніцкі саюз. У студзені 1981 года дзякуючы клопатам У.А.Калесніка атрымала права на існаванне і абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў. На чале яго стаў сам Настаўнік”.

На жаль, у 1994 годзе Уладзімір Калеснік пакінуў гэты свет, але творчае жыццё на Берасцейшчыне працягвалася і набірала моц.

У розныя гады абласную літаратурную суполку ўзначальвалі Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Ніна Мацяш, Іван Мельнічук, Мікола Аляхновіч, Лявон Валасюк. Паступова колькасць сябраў аддзялення дасягнула чатырох дзясяткаў чалавек. На жаль, частка з іх ўжо пайшла з жыцця.

Выступае Мікола Аляхновіч. Брэст, 2017

Зноў працытуем І.Мельнічука:

“Назаўжды ўславіла сваёй творчасцю не толькі любімую Берасцейшчыну, але і ўсю радзіму-Беларусь пісьменніца высокай духоўнай культуры, выключнага таленту і ў той жа час складанага жыццёвага лёсу Ніна Язэпаўна Мацяш (1943-2008). На яе творчым рахунку 15 паэтычных зборнікаў, 7 кніжак для дзяцей, 15 кніг перакладаў з французскай, нямецкай, польскай, украінскай ды іншых моў свету.

З любоўю і павагай хілілася яе сэрца да сяброў па творчасці. Толькі за два гады дзякуючы клопатам і падтрымцы Ніны Язэпаўны дзясятак вартых творцаў былі прынятыя ў пісьменніцкі саюз. Гэта, у прыватнасці, Іван Лагвіновіч, Аляксей Белы і Алесь Корнеў з Баранавіч, Аляксей Галаскок з Ганцавіч, Вадзім Жылко і Мікола Ільючык з Лунінеччыны, Мікола Папека з Пружаншчыны, а з Брэста — Лявон Валасюк. Кастусь Жмінько, Уладзімір Лебедзеў, Мікола Цялічка…”

Ніна Мацяш. Партрэт работы Лявоны Валасюка

Па ініцыятыве Ніны Мацяш у 2008 годзе убачыў свет першы нумар берасцейскага літаратурнага альманаха “Жырандоля”. Назва звязаная з яшчэ адным прадстаўніком творчай Берасцейшчыны, самадзейным паэтам і кавалём з баранавіцкай зямлі Паўлюком Багрымам, які лічыцца аўтарам гэтага каванага вырабу-люстры.

* * *

На жаль, другі нумар “Жырандолі” яго натхняльніца ўжо не паспела патрымаць у руках, бо пайшла з жыцця. Але справа гэтая працягваецца. У самым канцы 2023 года ўбачыў свет юбілейны, пятнаццаты, нумар “Жырандолі” (Мінск, ІП Р.Цымбераў).

На 176 старонках прадстаўлены творы больш як трыццаці аўтараў у раздзелах “Паэзія”, “Проза”, “Юбіляры”, “Памяць”, “Пад небам адзіным” (пераклады), “Крытыка і краязнаўства”, “Для дзетак-малалетак”, “Усміхнёмся”. У раздзеле прозы ёсць і творы лунінчан — апавяданні “Ложь” Вадзіма Жылко, “Вінаватая Аўдоцця” Міколы Ільючыка, “Хутор” Ірыны Курапавай. А ў традыцыйным аглядзе “Нашы новыя выданні” напрыканцы альманаха згаданая новая кніга прозы Міколы Ільючыка “Дзіўныя праявы”.

* * *

Лунінецкі край займае сваё годнае месца ў агульнай “літаратурнай панараме” Берасцейшчыны. З Лунінеччынай звязаныя асобныя старонкі жыцця Якуба Коласа, Андрэя Макаёнка, Уладзіслава Нядзведскага, тут нарадзілася Аксана Спрынчан… Створаная ў 2017 годзе ў сцянах раённай бібліятэкі па ініцыятыве краязнаўцы Вадзіма Жылко “Літаратурная карта Лунінеччыны” налічвае больш за 250 прозвішчаў творчых асоб, так ці інакш звязаных з гэтым куточкам Палесся.

У дакладзе на міжнароднай канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы” (2018 год) В.Жылко, у прыватнасці, адзначаў:

“Маюцца на ўвазе не толькі славутыя пісьменнікі, якія наведвалі Лунінеччыну або пэўны час жылі тут, прысвяцілі ёй свае творы, але і творчыя асобы з ліку мясцовых ураджэнцаў, так бы мовіць, “самадзейныя літаратары”, што таксама пакінулі след на лунінецкай зямлі. Прычым гаворка ідзе не толькі пра тых, хто працуе ў жанры мастацкай літаратуры, але і пра аўтараў мемуараў, кніг па гісторыі, этнаграфіі і фальклоры, краязнаўстве і тапаніміцы, прыродзе і экалогіі і інш. На наш погляд, варта таксама па магчымасці згадаць тых літаратараў, якія ў розны час выступалі на Лунінеччыне перад чытачамі.

Лунінеччына была ў праграме некалькіх штогадовых Дзён беларускай і шведскай паэзіі (2003, 2004, 2008 гады), тут ладзіцца фестываль “Лунінская восень” на раённым і на абласным узроўні. Шмат літаратурных сустрэч арганізаваў у свой час творчы клуб “Муза” Лунінецкага ГДК на чале з Віктарам Філатавым (1954-2014). Рэгулярна выступалі на Лунінеччыне пісьменнікі і па запрашэнні раённай бібліятэкі. У горадзе Мікашэвічы сярод “культурных цэнтраў” — гімназія імя Уладзіслава Нядзведскага, дзе ладзяцца штогадовыя літаратурныя вечарыны з удзелам вядомых гасцей”.

З прадстаўнікоў берасцейскай літаратурнай сябрыны ў розны час на Лунінеччыне выступалі (па матэрыялах згаданай “карты”) Мікалай Аляксандраў, Сяргей Амяльчук, Аляксей Белы, Яўген Бяласін, Леанід Валасюк, Аляксей Галаскок, Уладзімір Глазаў, Ярына Дашына, Васіль Дэбіш, Васіль Жуковіч, Алена Ігнацюк, Алесь Каско, Алесь Корнеў, Валянціна Кукса, Іван Лагвіновіч, Павел Ляхновіч, Ірына Ляшкевіч, Валянціна Осіпава, Алесь Паплаўскі, Мікола Пракаповіч, Раіса Раманчук, Мікола Сянкевіч, Аляксей Філатаў і інш. Калі ж згадаць пісьменнікаў з Мінска, іншых рэгіёнаў і краін, то агульны лік перавысіць сотню імёнаў.

Берасцейскія літаратары. Брэст, 2013

* * *

Як бачым, Берасцейшчына і, у прыватнасці, Лунінеччына — гэта ні ў якім разе не “літаратурная правінцыя”, калі ўкладваць у слова “правінцыя” нейкае адценне сталічнага снабізму. Наадварот, гэта моцны ў творчым і арганізацыйным сэнсе рэгіён “літаратурнай Беларусі”. Але, з іншага боку, пад словам “правінцыя” можна разумець і крышачку самаіранічны аналаг тэрміну “малая радзіма”. У гэтым сэнсе берасцейскія літаратары сапраўды годна прадстаўляюць свой “несталічны” рэгіён і могуць ганарыцца як спадчынай папярэднікаў, так і ўласнымі здабыткамі.

Лепш за ўсё пра літаратара і пра яго родны край могуць расказаць творы, кнігі і публікацыі ў друку. Нават не ў вельмі спрыяльныя для творчасці часы агеньчык “берасцейскай сябрыны” не згасае, а працягвае радаваць прыхільнікаў мастацкага слова…

Мы в соцсетях