Не шукайце на мапе вёску Даўбуцішкі, што ў Смаргонскім раёне. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў яе няма. Паселішча злілося з бліжэйшай вёсачкай Сінькі. Таму сёння Даўбуцішкі – гэта выключна… “вёска” мёртвых татар. Так-так, гэты тапонім захаваўся толькі для назвы татарскіх могілак, якія існуюць тут не адно стагоддзе.
Даехаць да каларытнай мясціны таксама не проста. Лепш трымаць курс на Крэва – адносна буйны аграгарадок з вядомым замкам, дзе ў 14 стагоддзі вяршыліся важныя для Беларусі гістарычныя падзеі. А там па гравійных дарожках і падказках мясцовых можна даехаць і да Даўбуцішак.

Месца гэтае сёння – дагледжанае. Тут ёсць агароджа, прыгожая брама з зоркай і паўмесяцам. А з магіламі, якім па пару стагоддзяў, суседнічаюць сучасныя пахаванні беларускіх мусульман. Апякуецца ўсім гэтым татарская дыяспара Беларусі.
Як з’явіліся татары і мячэты ў Беларусі
З гістарычных крыніц вядома, што татары на беларускіх землях упершыню з’явіліся ў 15 стагоддзі. Тады Вялікі князь Вітаўт узяў да сябе на службу адразу некалькі ханаў Залатой Арды з рэшткамі іх разбітых войскаў. Так татарскія воіны пасля вайсковых паходаў засталіся ў нашых мясцінах. Яны не забыліся на сваю культуру і рэлігію. Стваралі рэлігійныя кнігі – кітабы, будавалі мусульманскія храмы, хавалі нябошчыкаў па сваіх традыцыях.
У 16 стагоддзі, а дакладней у 1558 годзе, на сённяшняй Смаргоншчыне з’явіўся татарскі прыход. А ў пачатку 18 стагоддзя беларускія татары збудавалі свой храм – мячэт. Спачатку ён паўстаў у вёсцы Сялец, а пазней быў перанесены ў Даўбучкі. Навукоўцы сцвярджаюць, што гэты мячэт – адзін з найстаражытнейшых драўляных храмаў не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. Яшчэ за польскім часам будынак лічыўся вельмі каштоўным помнікам драўлянага дойлідства. Праўда, час не пашкадаваў храм. І ў 1991 годзе яго рэшткі перавезлі ў музей драўлянага дойлідства. А месца на могілках, дзе знаходзіўся мячэт, абазначылі нізенькімі бардзюрамі і мемарыяльнай дошкай з выявай храма.
Татарская гісторыя на Беларусі працягваецца
– Мячэты будавалі там, дзе пражывала шмат татар. Вёску Даўбуцішкі ў Ашмянскім павеце засялялі шматлікія татарскія роды. Даўбуцкі мячэт цікавы тым, што за некалькі стагоддзяў ён ні разу істотна не перабудоўваўся. Толькі аддзелку абнаўлялі час ад часу, — расказала нам мясцовая краязнаўца Алена. – Вядома, што над уваходам у мужчынскую частку храма арабскай вяззю быў напісаны тэкст “Няма Бога, акрамя Алаха, Мухамад — Пасланец Алаха”. А па контуры алтара -“Спяшаецеся здзейсніць малітву да таго, як пройдзе час, і пакайцеся да таго, як прыйдзе смерць”.

Пра тое, што мячэт у цэнтры могілак з’явіўся ў 18 стагоддзі сведчаць старыя пахаванні, датаваныя гэтым часам. Так, яны ўжо ўрослыя ў зямлю і затравелыя, але, прыгледзеўшыся, можна пабачыць, а дакладней намацаць пальцамі, арабскую вязь – як сведчанне багатай татарскай гісторыі на нашай зямлі. Зрэшты, гісторыя працягваецца. Нездарма, сённяшнія беларускія мусульмане, выказваючы апошнюю волю сваякам, просяць, каб прывезлі іх пахаваць менавіта сюды – пад засень старых дрэў, у намоленае продкамі месца – Даўбуцішкі.