У гэты дзень з Лунінца Якуб Колас адрасуе ліст Аляксандру Мікітавічу Уласаву (1874 — 1941), рэдактару і журналісту. Ліст надрукаваны ў кнізе «Памяць. Лунінецкі раён».
«Дарагі Аляксандр Нікіціч!
Каб Вы ведалі, як Вы ўсцешылі мяне, напісаўшы колькі слоў! Ахвотна паехаў бы я да Вас у Вільню, але ў кішэні тонка. I, нягледзячы на гэта, я ўсё ж такі думаю пабыць у Вільні. Толькі Вы памажыце мне. Я думаю паехаць да Вас 1 лютага на масленіцу. А ў Вільні быў бы 2-гаў 10 г. раніцою. Прышліце мне на дарогу грошы (білет у адзін канец каштуе 3 р. 64 к.). І напішыце, дзе я Вас магу знайсці. Рэдакцыя, напэўна, 2-га будзе зачынена. Дык я зноў не буду ведаць, куды прыхіліцца і дзе каго шукаць. У другі час прыехаць не магу, бо не буду мець часу. Жыву тут з таго, што займаюся ўрокамі. Дрэнная гэтая работа, і няма з яе ніякай карысці, абы не дома тырчаць.
Маю ўрокаў руб. на 25, ды і той не поўны. З двума рублямі, якія Вы прыслалі мне, выйшла абмыўка. Гэтыя 2 руб. паслаў да Вас мой брат Алесь на газету, каб высылалі яе дадому, да маіх родных. Не пасылаў я Вам нічога затым, што нічога не знаў і не ведаў. Бо газеты не чытаў. Цяпер пасылаю што-колечы. А далей прышлю болей. Напішыце мне і зрабіце так, каб я мог паехаць у Вільню. Вас пабачыць і сябе паказаць, пагаварыць, як і што. Месца ніякога няма. Губернатар на прашэнне выдаць свідецельства аб палітычнай благанадзейнасці напісаў: «Отказать».
Пішыце ж. Чакаю.
Ваш Якуб Колас.
Пастскрыптум. Думаючы неўзабаве часу пабачыццаз Вамі. Не пішу, як жывецца і як думаю жыць, хоць пра гэта многа і не трэба гаварыць. Пасля вялікадня думаю шукаць урокаў у другім месцы. Тут надта дрэнна.
Якуб.
Пасылаю Вам цяпер «Трывогу». Вершы скора прышлю»
Што рабіў Колас у Лунінцы
Вядома, што Уласаў з прыхільнасцю ставіўся да Якуба Коласа і яго твораў.
Нагадаем, што ад канца 1911 года Якуб Колас жыў у Лунінцы. Ён знайшоў тут кватэру свайго сябра ў доме на былой Садовай вуліцы (цяпер Савецкая). Філіповіч прыняў паэта ў невялічкім пакойчыку. Тут пісьменнік зарабляе прыватнымі ўрокамі.