Читайте свежие новости, аналитические статьи, экономика, культура, традиции, социальная сфера, спорт, судьбы людей и житейские истории
Скульптура "Пасажырка" на чыгуначным вакзале ў Маладзечне. Фота аўтара.

Пяць прычын пабываць у Маладзечне

Ці варта ехаць з Лунінца ў Маладзечна? Мы знайшлі пяць прычын, дзеля якіх гэта можна зрабіць.

Але спачатку — пра тое, як даехаць. Можна, канечне, на аўто. Але калі рамантыка чыгункі вам бліжэй, чым зручнасць аўтамабіля, абірайце начны цягнік «Брэст-Полацк». З Лунінца ён адпраўляецца штодзень (а дакладней, штоноч) у 1.43, а прыбывае ў Маладзечна ў 7.28. А цяпер уласна пра тое, дзеля чаго варта з’ездзіць.

Прычына 1. Пагуляць па Брадвеі, не выязджаючы з Беларусі

Маладзечна
Маладзечанскі Брадвей.

Прыехалі? Адразу на вакзале можаце спытаць, дзе знаходзіцца Брадвей. Паверце, маладзечанцы не пакруцяць пальцам ля скроні. А пакажуць, якую дарогу трэба перайсці, каб апынуцца на гэтай вуліцы.

Увогуле, яна носіць імя савецкага палітычнага дзеяча Сяргея Прытыцкага, які ў свой час працаваў у горадзе, але маладзечанцам бліжэй другая назва. Чаму Брадвей? Бо вуліца ўжо шмат часу пешаходная. На Брадвеі можна паглядзець на тыповую забудову 1970-х, наведаць крамкі, кафэшкі, кінатэатр «Радзіма» з малой і вялікай заламі, пасядзець на шматлікіх лавачках. А яшчэ на Брадвеі месціцца знакавая піцэрыя «Пінгвін». Гэта другая прычына, чаму варта наведаць Маладзечна.

Прычына 2. Пакаштаваць піцу «Пінгвін»

Маладзечна
Піцэрыя «Пінгвін».

Гэтая піцэрыя — сапраўды знакавае месца ў горадзе. Такая сетка ёсць выключна ў Маладзене і працуе тут ад 1990-х. Праўда, пачыналася ўсё з марожанага. Праз некалькі год тут пачалі гатаваць піцу, а «халодная» назва засталася. Піца «Пінгвін» бюджэтная і смачная. Так, напэўна, яна адрозніваецца ад сапраўднай італьянскай, але так і павінна быць, бо яна ж не італьянская, а беларуская!

Прычына 3. Трапіць у сапраўдны польскі вайсковы гарадок 1920-30-х гадоў

Маладзечна
Былы польскі клуб (казіно). Сёння тут тэатр.

У 1920-1930-х гадах зусім побач з Маладзечна пабудавалі вайсковы гарадок «Гелянова». Тут размяшчаўся 86 пяхотны полк. У гарадку былі казармы для салдат, дамы для афіцэраў і іх сямей, клуб, стадыён, воданапорная вежа, уяздная трыумфальная арка з ільвамі па баках. Шмат што з тых будынкаў захавалася сёння.

Мола
У былым доме для вайскоўцаў сёння жывуць маладзечанцы.

Так, у былым вайсковым клубе месціцца Мінскі абласны драмтэатр, у дамах сёння жывуць маладзечанцы, а катэджы каменданта займаюцца дзеці, бо тут Цэнтр эстэтычнага развіцця, у казармах — начучальная ўстанова і фірмы прадпрымальнікаў. А вось трыумфальную арку знеслі бліжэй да 1960-х.

Маладзечна
Старыя надпісы.

Калі прыгледзецца да некаторых дамоў, можна пабачыць сляды ад снарадаў і адтуліны для польскіх сцягоў, а на вежы — прачытаць надпісы, зробленыя начпачатку 1940-х.

Прычына 4. Пагуляць па вуліцы стрыт-фуда, размаляванай сучаснымі беларускімі мастакамі

Мола

Так, у Маладзечне ёсць такая вуліца. У 2019 года яе зрабілі маладзечанскія актывісты, заручыўшыся падтрымкай спонсараў.

Маладзечна

Тут можна выпіць кавы, з’есці бургер, паслухаць вулічны канцэрт і сфоткацца на фоне карцін сучасных беларускіх мастакоў. У свой час яны размалявалі гэтую вуліцу.

Прычына 5. Пашукаць папараць-кветку. І знайсці!

Маладзечна

Знайсці папараць-кветку ў Маладзечне лёгка. Яна ж «вырасла» ў самым цэнтры горада, дзякуючы скульптару Уладзіміру Жбанаву ў 2011 годзе. Так называецца фантан, які уяўляе сабой хлопца і дзяўчыну, якія трымаюцца за рукі, а вакол іх — лісты папараці — сімвал купальскай ночы і Маладзечаншчыны, дзе ўлетку 1882 года нарадзіўся Янка Купала.

Фотаздымкі аўтара.

Мы в соцсетях